Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -4° Валожын
Мядзел -3° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Беларусь
13.02.2018 15:43 ,AЎТАР(Ы): Паводле Радыё Свабода

"Спускаюць справу на тармазах". Святлана Коржыч упершыню расказала пра расследаванне смерці сына

Святлана Коржыч даўно не чула навін ад следчых. Фота svaboda.org

Святлана Коржыч даўно не чула навін ад следчых. Фота svaboda.org. Фота Picasa.

У размове са Свабодай маці загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча распавяла, як сустракалася з абвінавачанымі, колькі каштаваў "целаахоўнік" для яе сына ў войску, і чаму следчыя не адказваюць на яе званкі другі месяц.

Цела пінчука Аляксандра Коржыча знайшлі на тэрыторыі вайсковай часткі ў барысаўскіх Печах 3 кастрычніка 2017 года. Першапачаткова справа разглядалася як шараговы суіцыд. Аднак пасля розгаласу ў СМІ і асабістага ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі ў Следчым камітэце (СК) стварылі асобную групу для расследавання смерці салдата. Прэзидэнт загадаў, каб Святлана Коржыч – маці салдата – атрымала доступ да некаторых следчых дзеянняў.

За краты трапілі каля 15 сяржантаў і афіцэраў, кіраўніцтва часткі Аляксандра Коржыча страціла свае пасады, СК аднавіў расследаванне іншых выпадкаў смерці і траўматызму ў войску.

Маці не атрымлівае навінаў пра расследаванне смерці сына са снежня

Аднак з часам навінаў пра расследаваньне гібелі Аляксандра Коржыча стала значнай меней, тэрміны неаднаразова падаўжаліся. Апошні раз гэта адбылося 6 лютага. У той дзень старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што "падчас расследаваньня выявіліся новыя факты нестатутных дачыненняў як у часци, дзе загінуў Коржыч, так і ў іншых".

Як стала вядома Свабодзе, маці загінулага салдата не атрымлівае навінаў пра расследаваньне смерці сына са снежня. Па яе словах, следчыя не адказваюць на яе тэлефанаванні, яе больш не запрашаюць на допыты абвінавачаных. Святлана Коржыч расказвае, што ёй удалося даведацца з размоваў з абвінавачанымі ў смерці сына, а таксама пра свае чаканні ад расследавання.

Прыязджала маці затрыманага афіцэра, пыталася, за што яе сын сядзіць

"Я ведаю, што расследаваньне смерці сына працягнулі. Наскевіч сказаў, калі быў у Берасці. Але я ніякіх дакументаў не атрымлівала. Я не ведаю, да якога чысла, мне ніхто нічога не сказаў. Паведамлялася, што нейкія новыя факты, а якія? Апошні раз кантактавала са следчымі ў канцы снежня. Пісала ліст, прасіла вярнуць мне рэчы сына. Там тэлефоны, іншыя асабістыя рэчы. Але мне нічога не вярнулі, паведамілі, што да канца следства не могуць аддаць. А цяпер я званю ім, але ніхто не здымае трубкі. Далі нумары мне для сувязі і не адказваюць. Не здымаюць трубкі. Ні ў СК, ні ў пракуратуры. І самі не тэлефануюць".

"Да мяне прыяжджала маці затрыманага ротнага афіцэра, знайшла неяк. "За што мой сын павінен сядзець?", – пыталася. Я ў яе ў адказ спытала, за што мой гніць павінен? Гаварыла, што яе сыну зараз за бязьдзейнасьць пагражае 12 гадоў. Але ж ён усё адно выйдзе, а мой…

Кажа, што яе сын не вінаваты, што за ўсё маёр адказваў. Што ўсе афіцэры саскочылі, а яе сын зараз будзе адказваць за смерць майго.

Я ёй адказала, каб яны самі цяпер з усім гэтым разбіраліся. Хай яе сын за сабой усіх цягне: палкоўніка, маёра. Хай грызуцца, як ваўкі. Я думаю, яны там усе грошы атрымлівалі. У канцы тыдня яны забіралі карткі і ва ўсіх здымалі грошы. Не адзін Саша там такі быў».

«Салдат, які знайшоў Сашу мёртвым, выказваў спачуваньні, плакаў»

«Я ў прапаршчыка гэтага (аднаго з затрыманых у справе аб смерці Коржыча. — РС) спыталася на допыце, якога банка ў яго асабістая картка. А ён не ведае, ён ужо заблытаўся ў гэтых картках... Я думаю, што калі б у іх не было там добрага „даху“, то сяржанты „ляцелі“ б, прабачце, адразу... На допытах прысутнічала яшчэ ў лістападзе. Вазілі мяне і ў Печы, і на допыты сяржантаў, афіцэраў на Валадарцы. У іх там у кожнага свой адвакат, яны добра падрыхтаваліся.

Адвакат камандуе: „Не гавары нічога, маўчы, маўчы“. Яны і маўчаць. Нічога ня ведаем, нічога ня бачылі, Сашу такога з медроты прывезлі».

«Я бачыла таго салдата, які знайшоў мёртвым майго сына, мне прывозілі яго яшчэ ў лістападзе. Здаецца, з Навінак альбо з СІЗА. Ён быў не ў сабе, падскокваў. Пагаварыць адзін на адзін з ім у мяне не было магчымасці, прысутнічаў следчы. Пытанні можна было задаваць у межах разумнага. Яны яго дапытвалі, а ўжо ў канцы я магла нешта спытаць. Ён сядзеў, плакаў. Прасіў прыняць яго спачуванні. Гаварылі, што ён мае нейкае дачыненне (да смерці Аляксандра Коржыча. — РС), была такая інфармацыя... Гэты хлопец, які знайшоў Сашу, пяць разоў паўтарыў, што Коржыч сам не мог залезці туды, дзе павесіўся. Гаварыў, што крэсла не было на месцы, што падумаў, быццам вісіць манекен».

«Прастытутку мне прыводзілі, паказвалі... У Следчым камітэце. Я здзівілася, што гэта за жанчына. Аказалася, яна маці траіх дзяцей.

Адзін з затрыманых у справе смерці сына быў у яе першым каханкам, яшчэ адзін — другім. „Хто больш заплаціць“, — сказала яна мне. Я ёй кажу: „Смелая вы жанчына“. Сашу яна не ведала, навошта ёй мой Саша. Ёй трэба той, хто грошы мае».

«З прапаршчыкам, у якога знайшлі пластыкавую картку Сашы, я таксама гаварыла. Спытала, чаму картка сына была ў яго. Адказаў, што пазычаў грошы. А картка ў яго выпадкова засталася, у кішэні. Не ведаў, што Саша мне расказваў усё. І пра тое, што яго картка ў прапаршчыка, які ёю камунальныя паслугі аплачваў. Аказваецца, прапаршчык здымаў кватэру ў Менску, праскочыла такая інфармацыя. Я яму і сказала пра гэта, пра камунальныя паслугі. Ён адразу збянтэжыўся, закрыў рот».

У банку адмовіліся даваць выпіску з рахунку сына»

«Адвакат аднаго з затрыманых сяржантаў гаварыў, што той у Сашы быў як целаахоўнік, і Саша плаціў за гэта. Аказваецца, што ў арміі прыходзілася плаціць целаахоўніку, каб выжыць. Кажа: „Саша заключыў са мной дамову аб ахове“. 20 рублёў такая паслуга каштавала. Я спытала ў яго, чаму ён тады не справіўся з аховай сына. Паглядзеў на мяне і сказаў, што аддасць 20 рублёў. Я кажу, мне 20 рублёў не трэба, прынясіце на могілкі, пакладзіце на магілку...»

«Сама адваката не наймала, навошта мне адвакат. Зараз буду глядзець. Але вунь у Арцёма Басьцюка маці ёсьць адвакат, а справу закрылі».

«Паглядзім, як яны следзтва павядуць. Можна ж узяць банкаўскую картку Сашы і паглядзець рух сродкаў. Там жа ўсё відаць. Можна было па камерах банкаматаў паглядзець, хто грошы здымаў. Я сама пайшла ў „Пріорбанк“, хацела папрасіць звесткі па банкаўскай картцы сына. Мне там ніхто нічога ня даў. Сказалі, што Следчы камітэт забараніў даваць мне выпіскі. Па тэлефоне таксама не далі».

«Я не магу ўсё расказаць, напэўна. Але калі пабачыла ўсіх гэтых сяржантаў, то падумала, дзе яны іх толькі сабралі? Хто іх выхоўваў? Ні адукацыі, анічога. Адзін толькі выказаў спачуванні. Я запыталася, ці не спрабавалі яны неяк выратаваць Сашу, дапамагчы яму? Адказаў, што выклікалі капітана і больш нічога не ведаюць. Потым я з капітанам размаўляла, ён кажа, што ў яго 2000 падначаленых і ён нічога ня ведае, а Сашу майго ў вочы не бачыў».

СК: расследаваньне працягваецца

Як паведамілі Свабодзе ў Следчым камітэце, расследаванне справы Аляксандра Коржыча працягваецца, новая інфармацыя будзе данесеная да грамадскасці адразу, як толькі гэта будзе магчыма.

"Еўрарадыё".

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце