Памёр Анатоль Рогач
Вілейка, Aўтар: "Рэгіянальная газета", 3.03.2010. 21:19
Анатоль Рогач
У сераду 3 сакавіка пасля хуткацечнай хваробы памёр краязнаўца, руплівец беларускай спадчыны, аўтар і даўні сябар “Рэгіянальнай газеты”, кіраўнік Вілейскага раёна электрасетак, дэпутат райсавета Анатоль Валянцінавіч Рогач.
Анатоль Рогач
1947-2010
Анатоль Валянцінавіч Рогач нарадзіўся ў в. Каралеўцы Іжанскага сельскага Савета на Вілейшчыне 1 чэрвеня 1947 годза. Скончыў Іжанскую сярэднюю школу. Служыў у Савецкай Арміі. Ад 1967 года працаваў у Вілейскім раёне электрычных сетак (РЭС), дзе прайшоў шлях да кіраўніка прадпрыемства. Узначальваў РЭС з 1988 года. У 1972 годзе скончыў завочна Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
Анатоль Рогач спалучаў вытворчую і дэпутацкую дзейнасць з краязнаўчай. Ён -- адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў жыцця і творчасці нашых землякоў Адама Гурыновіча, Ігната Ходзькі, Эдварда Жалігоўскага. Анатоль Рогач першым на Вілейшчыне і адным з першых на Беларусі звярнуў увагу на біяграфію аўтара першай украінскай канстытуцыі ураджэнца Касуты ля Вілейкі Піліпа Орліка.
Нядаўна ў Анатоля Рогача з’явілася біяграфічная кніга «Адам Гурыновіч».
Упершыню ў беларускай даследчыцкай літаратуры Анатоль Рогач склаў радавод Адама Гурыновіча, які ўтрымлівае 6 каленаў. У сваёй працы Анатоль Рогач паказвае, што Гурыновіч быў не толькі паэтам, збіраў фальклор, але займаўся гаспадарчымі справамі, падаваў надзеі як інжынер. Рогач даказаў, што Гурыновіч сустракаўся з Францішкам Багушэвічам, якому прысвяціў верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею», знаходзіўся ў ліставанні з даследчыкам фальклору Янам Карловічам.
На рахунку Анатоля Валянцінавіча яшчэ шмат іншых адкрыццяў з гісторыі нашага краю. Як толькі выдаваліся нейкія дні адпачынку, ён ехаў у бібліятэкі, архівы і музеі Мінска, Гродна, Вільні. І адтуль заўсёды прыязджаў акрыленым, з папкамі копій дакументаў, якія пралівалі святло на нашу мінуўшчыну.
У рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” ляжыць падрыхтаваны да друку яго змястоўны матэрыял па гісторыі энэргетыкі нашага рэгіёну. На жаль апошнія рэдакцыйныя праўкі мы ўжо ніколі не зможам узгадніць з аўтарам.
Анатоль Рогач – майстар спорту па шашках па перапісцы. Пераможца шматлікіх нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў.
Анатоля Валянцінавіча любілі і паважалі на працы, паплечнікі-краязнаўцы з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і Расіі. Для родных і блізкіх не стала любімага мужа, бацькі і дзядулі.
Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” выказвае самыя шчырыя спачуванні жонцы Анатоля Валянцінавіча Веры Фёдараўне, дзецям, унукам, родным і блізкім нябожчыка, усім тым, каму пашчасціла сустрэць у сваім жыцці гэтага цудоўнага і цёплага чалавека.
Анатоль Рогач на адкрыцці памятнага знака Адаму Гурыновічу. Вёска Золькі на Вілейшчыне, 2007 год.
Вучань Іжанскай школы. 1964 год.
З жонкай Верай Фёдараўнай, дачкоў Людай і сынам Юрам. Горад Мікалаеў, 1988 год.
На экскурсіі ў Брэсцкай крэпасці, 22 чэрвеня 1982 года.
Энэргетык Анатоль Рогач у раёне Вілейскай ГЭС. 1999 год.
На ўрачыстасцяхх, прысвечаных Адаму Гурыновічу. Лыцавічы, 2007 год.
Анатоль Рогач у кампаніі з Віталём Кастэнкам. Ля магілы Ігната Ходзькі, Войстам, 2006 год
Ля толькі што адкрытага памятнага знака нацыянальнаму герою Украіны ураджэнцу Касуты Піліпу Орліку. 17 лістапада 2006 г., Касута. Анатоль Рогач і кіраўнік дыпмісіі Украіны ў Беларусі Аксана Кіцун.
Два Анатолі: Капцюг (злева) і Рогач. На беразе возера Свір.
Удзельнікі міжнароднай навуковай канферэнцыі па культавых камянях Анатоль Рогач (злева), археолах Уладзімір Вінакураў і краязнаўца з Вілейкі Аляксандр Зайцаў ля рытуальнага каменя ў ваколіцах вёскі Крывое Сяло, Вілейскі раён, 2006 год.
Пісьменнік і гісторык Сымон Барыс (злева) і Анатоль Рогач. 2006 год.
Публікацыі Анатоля Рогача і пра Анатоля Рогача:
Анатоль Рогач. Энэргетык, улюбёны ў Вілейшчыну
Адкрыццё помніка акадэміку Сілівановічу

RSS
Каментары
А.
(4.03.2010 11:55)
Не можа быць, мае спачуванні
Аляксей
(4.03.2010 13:37)
Светлая памяць Беларусу,Чалавеку
Сяргей Зянько
(4.03.2010 21:46)
Сапраўдная -- нефальшывая -- інтэлігентнасць, шчырасць і сціпласць у зносінах з людзьмі. Цвёрдасць і бескампраміснасць у сваіх перакананнях. Усё гэта Вы спалучалі ў сабе, Анатоль Валянцінавіч. Я шчаслівы, што меў магчымасць слухаць Вас, гутарыць з Вамі, пісаць пра Вас. Дзякуй Вам...
Марына
(8.03.2010 00:03)
Такія людзі не паміраюць. Яны застаюцца. У справах сваіх, у памяці людской. Анатоля Валянцінавіча будзе не хапаць не толькі родным і блізкім. Мне шкада, што ён пайшоў. Я ў каторы раз задаю сабе пытанне чаму Бог, калі ён ёсць, забірае дачасна людзей, якія ўмеюць і хочуць жыць. Не толькі дзеля сябе, але і дзеля іншых.
Олесь Федорук
(9.04.2010 00:29)
Світла пам’ять славному синові Білорусі! Хай земля йому буде пером, а нам продовжувати його справу! Олесь Федорук (Інститут літератури ім. Т. Г. Шевченка НАН України, м. Київ)
Паслаць камэнтар