“Жыгулі” разбіліся аб трактар
Маладзечна, Aўтар: Сяргей ЗЯНЬКО, 27.07.2010. 15:28
“Жыгулі” пасля сутыкнення з трактарам.
“Жыгулі” шостай мадэлі ўрэзаліся ў трактар.
Трактар і легкавушка ехалі насустрач адно аднаму. Ад удару ў “Жыгулёў” разбілася лабавое шкло. Асколкамі шкла парэзаў рукі 69-гадовы вадзіцель “шасцёркі”, расказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар дарожна-паставой службы райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч.
Да трактара ззаду быў прымацаваны апырсквальнік для знішчэння пустазелля. Як сцвярджае кіроўца “Жыгулёў”, падчас сустрэчнага раз’езду трактара і яго машыны ў апырсквальніка метраў за пяць да раз’язду раптам адкрылася “лапа”, у якую і ўрэзаліся “Жыгулі”. Ад нечаканасці гаспадар легкавушкі не мог пазбегнуць сутыкнення.
Іншая версія здарэння ў трактарыста. Паводле яго паказанняў, ніякая “лапа” не адкрывалася, а сутыкненне адбылося з-за няўважлівасці вадзіцеля машыны.
“Дзяржаўтаінспекцыя па факце здарэння праводзіць праверку, – кажа Дзмітры Стасюлевіч. – Я лічу, што кіроўца “шасцёркі” лёгка абышоўся. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець на “Жыгулі” пасля аварыі. Хачу папярэдзіць і вадзіцеляў-аматараў, і кіроўцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, што падчас актыўнага вядзення сельгасработ, падчас уборачнай на дарогах трэба быць асабліва ўважлівымі і асцярожнымі”.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА.

RSS
Паслаць камэнтар