Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -5° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -5° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Думкі ўслых. Аўтарскі праект Марыны Сліж
Маладзечна
31.08.2010 09:25 ,AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Вяселле па кішэні

Кожныя выхадныя на Цэнтральнай плошчы горада спыняюцца вясельныя картэжы. “Паглядзі, якая прыгожая пара”, – кажу сваёй знаёмай. “Не нервуй  мяне”, – злуецца тая і цягне ў бок дома.

Восенню яе дачка збіраецца замуж. Але вясельнымі клопатамі сям’я жыве з саменькага новага года. Штомесяц у асобны канверт, эканомячы практычна на ўсім, яны адкладваюць адну зарплату. Сума расце. Але робячы падлікі бацькі разумеюць, што яе ўсё адно не хопіць на тое, каб прайшло ўсё на вышэйшым узроўні.  

“Можа, ты вельмі высокую планку для сябе паставіла”, – спрабую ўлезці не ў сваю справу. “Ды не, – кажа жанчына, – у нашай радні ўжо так заведзена: калі рабіць – то з размахам, калі збіраць радню – то ўсю. Як я магу запрасіць адну стрыечную сястру і не сказаць другой. Гэта ж сораму не абярэшся. Ды і сама я да іх на ўсе балі хадзіла”.

Нядаўна ў адной сям’і жанілі сына. “Дорага?” – пытаюся ў іх. Не скажу, што вельмі цікава. Для знаёмай стараюся, інфармацыю збіраю. Пасля таго, што пачула, трывожна стала ўжо і мне самой. Аказваецца, добры букет для нявесты (вяселле яны ладзілі ў Мінску) каштуе цяпер каля 180 тысяч рублёў. За ўпрыгажэнне машын і залы ў кафэ, дзе праходзіла ўрачыстасць, аддалі адзін мільён дзвесце тысяч рублёў. Вясельны стол заказвалі ў разліку 230 тысяч на чалавека. Можа, ім хацелася, каб было і танней, ды цэны такія. Плюс да ўсяго час у кафэ быў абмежаваны: з 15 да 20 гадзін.

І ўспомніліся мне пад гэту размову вясковыя вяселлі. Шумныя, шматлюдныя, як кажуць, ад пятніцы да пятніцы.

Клопатаў, канешне ж, хапала: з усёй вуліцы яшчэ мо, у сераду звозілі, зносілі лавы і сталы. Калі ўрачыстасць ладзілася на чалавек 70-80, то яшчэ і посуд часам у суседзяў пазычалі. Свае шафы людзі адчынялі з задавальненнем. Тартоўніцы, вазы для фруктаў, салатніцы, графіны і графінчыкі хадзілі з адной, як кажуць у вёсцы, патрэбы на другую. Усё гэта лічылася нармальным: сёння ты выручыў чалавека, заўтра – ён цябе.

Гатавалі святочны стол таксама ўсёй раднёй. Самыя дасціпныя часам прывозілі з горада повара. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам рабіліся розныя мясныя рулеты. Ды не з магазіннага мяса, са свайго. Бо кожная сям’я абавязкова да вяселля калола кабанчыка.

А колькі рознага печыва стаяла на сталах! На нашай Валожыншчыне, напрыклад, было модна заказваць каравай ды розную іншую здобу ў Ашмянах. Была там жанчына, якая пякла прыгожыя грыбы, рабіла з цеста вожыкаў, вавёрак, шышкі. Цэлыя лясныя паляны ўстройвалі з іх на сталах. І не было, напэўна, на вяселлі госця, які б, загарнуўшы ў сурвэтку той грыбок альбо шышку, не захацеў занесці дадому дзецям.

А колькі розных абрадаў, звычаяў бытавала. Прычым, што ні раён – то свой. Што толькі не прыдумвалі на вяселлях: кралі нявесту, хавалі каравай, дзеля жартаў мянялі гасцей парамі, вазілі на тачцы па вуліцы гаспадыню.

Смеху было, калі крышку падпіўшыя госці пераапраналіся і выходзілі, гэта ўжо на другі дзень вяселля, павесяліць вяскоўцаў. Былі ў іх кампаніі і “нявеста”, і “жаніх”, і “сват са сваццяю”, якія насілі за сабой вялікую торбу з пачастункамі. Кожнаму прахожаму налівалі вясельных сто грамаў. Часам з гоманам, смехам заходзілі ў двары, хаты. Адным хацелася падзяліцца сваёй радасцю, другія яе прымалі. Бо і тады, і цяпер у вёсках стараюцца жыць адной сям’ёй…

Марына СЛІЖ.
Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце