Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -5° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -5° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Думкі ўслых. Аўтарскі праект Марыны Сліж
4 Маладзечна
26.09.2010 06:41 ,AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Апетыт

У кожнага свой апетыт. Аднаму, каб паабедаць, хапае двух лыжак бульбы з сасіскай. Другі можа з’есці іх кілю і праз гадзіну зноў лезці ў халадзільнік. Маўляў, не я такі абжора. Страўнік патрабуе.

“Зайшла я неяк раніцай да суседзяў, – расказвае знаёмая жанчына. – А ў іх на стале вялізная патэльня смажанага сала з яйкамі стаіць. І смятаны туды наліта. Роўненька з берагамі. Глянула на тую патэльню, на два вялікія стосы бліноў, па штук гэтак 20, ды пытаюся ў гаспадыні: “Дзяцей у госці чакаеце?”

Жанчына глянула на суседку нейкім дзіўным позіркам. Маўляў, во дзе розум у чалавека. Якія ж дзеці пасярод тыдня табе прыедуць, ды яшчэ з самай раніцы. А пасля і кажа: “Ды не, гэта мы з Васілём снедаць збіраемся. Адна талерка бліноў яму, другая – мне”.

“Чаму тут дзівіцца, – гэта ўжо разважае мая калега. – Я таксама бачыла людзей, якія ядуць місамі. Ёсць у нас адзін сваяк. Звычайны такі мужчына. Заляціцца, бывала, адведаць, маці за стол яго запрашае. Прысядзь, паабедай з намі. А бабуля тым часам міску з шафкі для посуду дастае. Тую, у якой цеста на бліны для ўсёй сям’і разводзілі. Літры тры ў яе ўлазілі дакладна. Столькі ён булёну альбо капусты і з’ядаў. А зверху яшчэ запіваў кампотам ці чаем. Іх госцю налівалі ў літровую эмаліраваную кружку. Не толькі чай піў, але нават заварку з батонам з’ядаў”.

“Паспрабуй такога накармі”, – думаю пра сябе. А тут мне “падкідаюць” яшчэ адну гісторыю. Пра доктара, які вельмі любіў смачненька пад’есці. І не толькі ў абед, але і раніцай, перад работай. Ён усё ведаў пра здаровае харчаванне. І парады, канешне ж, сваім пацыентам даваў. Снедаць аўсянкай альбо грэцкай кашай з маслам і запіваць усё гэта малаком. А сам тым часам любіў пачаць раніцу з катлет. З’ядаў па 10 штук. Менш яму нават не падносілі. І пры гэтым выглядаў нішто сабе. Лішняй вагой яго дакладна ніхто не мог папракнуць.

Ну, што на гэта скажаш. У кожнага свае гастранамічныя прыхільнасці. Ведаю, напрыклад, мужчыну, які любіць пернікі з таматным сокам. А яго жонка, калі садзіцца за стол, з усіх бакоў абстаўляе сябе рознымі спецыямі, соллю, гарчыцай. Кажа, што без усяго гэтага не чуе смаку яды.

Адзін дзядуля на старасці гадоў вынайшаў для сябе “кактэйль”, які, як ён сам кажа, надае яму сілы і моцы. Увечары, перад самым сном, ён кладзе ў кубак з гарачым малаком лыжку масла, лыжку цукру і, перамяшаўшы, п’е ў прыкуску з батонам. Унукаў ад аднаго толькі погляду на такую “смакату” пачынае трэсці. А дзед есць ды нахвальвае.

Бацька адной знаёмай дзяўчынкі любіў раніцай узбадзёрыцца кавай. Але перад тым, як выпіць, клаў у кубак лыжачку масла. Пры гэтым жартаваў, што нічога смачнейшага за тлустую каву ніколі не піў.

“Знайшлі пра што гаварыць, – абураецца знаёмая жанчына. – Малако з маслам ім піць агідна. Мой вунь колькі дзён таму прынёс дадому ялавічны рубец. Кінуў у ванну, а ён нейкі лахматы, бы футра. Сам яго чысціў, сам варыў, я нават не датыкалася. Хаця ведаю, што калі рубец прыгатаваць, муж яго называе на польскі манер, флякі, то атрымліваецца вельмі смачна”.

Як выглядае ялавічны рубец, я не ведаю. А вось як людзі, закалоўшы кабана, ядуць сырыя вушы, бачыла. Відовішча, скажу вам, не з прыемных. Але яго можна вытрымаць. Асабліва калі думаць у гэты час, што ёсць на свеце асобы, якія п’юць цёплую свіную кроў.

 Марына Сліж.

 

Абмеркаваць
Каментар (4) / Дадаць каментар
27.09.2010 09:59
Maroz /
27.09.2010 10:02
anonymous / Як чалавек есць - так і працуе. А тлустая кава - гэта штосьці ўсходняе. Чытала, што манахі (тыбецкія, здаецца) пілі такую гарбату - ці то з маслам, ці то з тлушчам. І жылі вельмі доўга і здорава.
28.09.2010 13:20
anonymous / Што вы, дарагая Зёлка. Яшчэ як бывае. Дзядзька рэальны. Жывы па сённяшні дзень. Не ведаю, праўда, ці есць ён дома заварку з батонам, але ў гасцях дакладна так рабіў.
28.09.2010 13:29
anonymous / Пілі каву з тлушчам і доўга жылі? Трэба паспрабаваць. А то жыць хочацца, а сілы няма.
Дадаць каментар
Новае на сайце