Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -7° Маладзечна
Вілейка -7° Вілейка
Смаргонь -7° Смаргонь
Ашмяны -7° Ашмяны
Валожын -7° Валожын
Мядзел -7° Мядзел
Астравец -7° Астравец
Думкі ўслых. Аўтарскі праект Марыны Сліж
Маладзечна
23.10.2010 08:23 ,AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Гарадскія нявесткі

“Што вам, гарадскім, -- разважае жанчына, якая ўсё жыццё пражыла ў вёсцы. – Прыйшоў з работы, ваду гарачую ўключыў, памыўся ды ляжы сабе на канапе. Ні табе паліць у печы трэба, ні попел выносіць. Ні жыццё там у вас – курорт”.

“Гэта з якога боку паглядзець”, – спрабую апраўдацца я перад ёй за сваё “царскае” жыццё. Ды яна мяне ўжо не слухае. Махнуўшы рукой, маўляў, што з табой гаварыць, хаваецца за вуглом свайго дома.

Наогул яна добрая жанчына. Проста гарадскіх не любіць. Кажа, што да жыцця яны не прыстасаваныя. Замест таго, каб на зямельцы працаваць, гадзінамі ў цырульнях праседжваюць і за ўборамі па магазінах бегаюць. Ім за жыццё таго, што ў шафах вісіць, насіць-не перанасіць, а яны ўсё цягнуць, усё нешта купляюць.

Той, хто ведае яе даўно, толькі ўсміхаецца. Прывыклі ўжо да нападаў  Геранімаўны на гарадскіх. А пачаліся яны гадоў дзесяць таму. Акурат у той час, як яе старэйшы сын ажаніўся з мінчанкай.

Дзяўчына яна была нішто сабе: статная, прыгожая, прыветлівая. Медыцынскае вучылішча закончыла, добра ў леках і хваробах разбіралася, вясковых жанчын, як прыязджала, лячыла. Ды рабіць нічога не ўмела. Выйдзе, бывала, са свякроўкай у гарод, папоркаецца дзесяць хвілін у градах ды на лавачку пад хату сунецца. Маўляў, стамілася, не магу больш.

Першы год Геранімаўна цярпела. Усё думала, што прызвычаіцца яе Аксана, навучыцца і палоць, і капаць. Але нявестка зацяжарала і ад урокаў свекрыві адмовілася. Тая думала, на год. Аказалася – на ўсё жыццё.

“Ну яе, гэту гарадскую нашу, – смяялася жанчына ў магазіне. – Падлогу памые ў хаце ды досыць з яе. Адна бульбу выберу, хай дзіця глядзіць. Ведама ж, якія яны там у горадзе спрытныя.  Пакуль прачнецца, пакуль апранецца, унучку пакорміць, глядзіш – абед настаў”.

Гады праз тры пра вяселле загаварыў яе малодшы сын. “Дзіцятка, любую прыму, -- прасіла маці, -- толькі каб не гарадскую. Старэю, цяжка мне адной упраўляцца. А гэтыя ж сталічныя штучкі нічога рабіць не ўмеюць”.

Не пашэнціла ёй і на гэты раз. Наташка аказалася таксама дзеўкай гарадской. Што такое градкі, яна ведала, дача ў бацькоў пад Мінскам была. Толькі ні разу не садзіла там ні капусту, ні агуркі. Больш бабуля з маці шчыравалі. А яна вучылася. Адразу ў школе, пасля ў каледжы, затым у інстытуце.

“Ды што вы ўсё за гэту цыбулю перажываеце! – сварылася яна са свякроўкай. – Колькі вам трэба на зіму? Дзесяць кілаграмаў, дваццаць? У пятніцу вечарам з’ездзім з Андрэем на начны базар, купім і прывязём. І морквы, і буракоў там – хоць заваліся. Мы добра зарабляем, можам вам дапамагаць. І не толькі гароднінай. Трэба – і мяса купім, і рыбы”.

“Во дзе пустамеля, – абуралася свякроў. – Я ў вёсцы на агародзе буду канюшыну сеяць, а боршч варыць з гарадскіх буракоў. Гэта ж якой лянівай трэба быць, каб да такога дадумацца? Мяса яна мне прывязе? Я ведаю, што там на рынку прадаюць? І ці ж тое гарадское такое смачнае, як сваё. Зварыш капустку на дамашняй свінінцы, дык не ад’ясіся”.

Нявесткі яе капустку не ядуць. Кажуць, тлустая ежа страўніку не на карысць. І буракоў, засквараных салам, не любяць. Прыедуць, нейкай ежы сабе далікатнай навязуць, самі ядуць, маці кормяць. Год таму яна з імі яшчэ ваявала. Цяпер, бывае, сама што-небудзь заказвае. Рыбкі, напрыклад, “без касцей”, сыру якога смачнага.

“Да гарадскога жыцця рыхтуюся, – кажа яна дзецям. – Старая стану, у горад да вас буду прасіцца. Дык каб з голаду не памерці”. Нявесткі слухаюць яе, рагочуць. Ведаюць жа, што свякроўка пабурчаць любіць. Хоць на самой справе – добрая.

Марына СЛІЖ.
Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце