Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -7° Маладзечна
Вілейка -7° Вілейка
Смаргонь -7° Смаргонь
Ашмяны -7° Ашмяны
Валожын -7° Валожын
Мядзел -7° Мядзел
Астравец -7° Астравец
Думкі ўслых. Аўтарскі праект Марыны Сліж
Маладзечна
12.12.2010 07:27 ,AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Жаданні збудуцца?..

У чацвер раніцай пайшоў дождж. Дробненькі, падобны на восеньскі. “Калі так будзе ўвесь дзень, ад снегу не застанецца і знаку”, – з веданнем справы зазначыла раніцай жанчына, з якой разам выходзілі з пад’езда на працу.

Коўзаючыся па бліскучым ад лёду тратуары, стала ціснуцца бліжэй да яго краю, дзе высакаватай горкай высіўся снег. Не пужаў каток пад нагамі хіба што навучэнцаў каледжаў, што ішлі на заняткі. З вясёлым смехам яны коўзаліся, штурхаліся, рагаталі.

Такое надвор’е бабуля звычайна называла “аблівень”. “Асцярожна хаця, – папярэджвала яна, выпраўляючы ў школу. Дождж ідзе і адразу падмарожвае. На дарозе – аблівень. Так нядоўга і пакалечыцца”.

Двор у такія дні пасыпаўся попелам альбо соллю. А вось вуліца, яна была брукаваная, блішчала бы лакіраваныя туфлі. У школу не ішлі, паўзлі. Чапляючыся за платы, кусты. Нярэдка лавілі “зайцаў”. Здаецца, яно і не балела. Падымалі адно аднаго, рагаталі, зноў падалі.

Часта думаю: чаму ўспаміны дзяцінства такія прыемныя і радасныя? Здаецца, тады і цукеркі былі смачнейшыя, і мандарыны саладзейшыя. І навагодняя ёлка не проста ўпрыгожвала пакой, а пахла лесам, смалой і… святам.

З гадамі ўсё ўспрымаецца неяк па-іншаму. Напэўна, стамляемся ад жыцця, якое праблемы і турботы падкідвае часам часцей, чым радасныя моманты. Кожны з нас цягне свой сямейны воз. У кагосьці ён коціцца лягчэй, камусьці, каб рухацца, даводзіцца ўпірацца. Нават тады, калі няма ні здароўя, ні сіл. Бо ўсё мы за кагосьці ў адказе: за сваю сям’ю, дзяцей, родных, блізкіх.

Адна мая знаёмая кожны раз напярэдадні Новага года купляе ў магазіне тоўсты штодзённік, у які пасля заносіць асноўныя падзеі з жыцця сваёй сям’і. За гэты час іх накапілася каля дзесяці. Розныя па колеры і фармату кніжачкі  падобныя паміж сабой толькі адным: тытульнай старонкай, на якой прыгожым каліграфічным почыркам выведзена: “Планы на год”.

Не складае іх напярэдадні навагодняга свята хіба што лянівы. Адным хочацца як мага хутчэй закончыць будаўніцтва ўласнага дома, іншым паступіць у інстытут альбо знайсці добрую работу. Хтосьці марыць з’ездзіць адпачыць. Хтосьці выйсці замуж, паправіць здароўе, пачаць новае жыццё.

І няхай не ўсё атрымаецца. Многае з таго, што запланавана, давядзецца перанесці на наступны год. Хаця… стоп. Новы 2011 год па ўсходнім календары лічыцца годам белага Труса і абяцае быць пакладзістым, добрым, спакойным, а галоўнае – спрыяльным для ўсіх знакаў задыяка. Так што прасіце ў яго ўсё, што хочаце! Абавязкова збудзецца!

Марына СЛІЖ.
Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце