weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
27.05.2018 18:35 ,

Хата з прывідамі і бясследна зніклы пахомаўскі абраз: што прываблівае ўфолагаў у вёскі Вілейшчыны

Жанчыны ў Ясьманаўцах распавядаюць пра абнаўленне абразоў.

Загадкавыя шаравыя маланкі, дзіўныя сны-прадказанні, абноўленыя абразы, хаты, у якіх ніхто не можа затрымацца больш, чым на адну ноч… Гучыць фантастычна?

Усе гэтыя загадкавыя рэчы маюць месца на Вілейшчыне. Таму на пачатку мая сталічныя ўфолагі з каманды “Уфаком” правялі экспедыцыю ў раёне былых вёсак, што затапілі падчас будаўніцтва вадасховішча, а таксама пагутарылі з жыхарамі Вязыні і Суднікоў. Што прывабіла даследчыкаў невядомага і незвычайнага ў гэтыя мясціны?

– На Вілейшчыне мы ладзім экспедыцыі не першы раз. Мы – гэта каманда “Уфаком”, – распавёў “Рэгінальнай газеце” даследчык Ілля Бутаў. – Усе мы абсалютна розныя па прафесіях. Ёсць праграмісты, гісторыкі. Я – біёлаг.

Але, па словах Іллі, усіх сяброў каманды аб’ядноўвае цікавасць да гісторыі, краязнаўства і, асабліва, да загадак і невытлумачальных з’яў на Беларусі. Вывучаючы гэтыя з’явы, каманда шмат працуе з адпаведнай літаратурай, архівамі, дарэвалюцыйнымі беларускімі выданнямі, ужо некалькі год ладзіць канферэнцыю “Таемная Беларусь”.

А хто з вас бачыў шаравую маланку?

Вывучэнне газетных матэрыялаў за 1990-я гады ў свой час і прывяло даследчыкаў на Вілейшчыну. Неаднаразова траплялася інфармацыя, што ў вёсках Вілейскага раёна людзі сустракаюцца з шаравымі маланкамі. Гэта пацвердзілі і размовы з мясцовым насельніцтвам.

Забавы ў вольны час.

– Ці не кожны з жыхароў Суднікоў, Вязыні, Рэчак, якіх мы апытвалі, прыгадваў, што хоць раз у жыцці сустракаў шаравую маланку, – распавёў Ілля. – Мы сабралі дадзеныя пра сем такіх эпізодаў у ваколіцах Вілейскага вадасховішча, у вёсках Паняцічы, Суднікі, Баяры, Кавалі, Каўшэвічы, Рэчкі, на былым хутары Ялове.

У 1990-я нават, па словах майго субяседніка, пагаворвалі пра вілейскую анамальную зону з частымі шаравымі маланкамі і  шарамі, якія свецяцца.

Падчас апошняй экспедыцыі даследчыкі ўпершыню ў сваёй практыцы запісалі сведчанне пра шаравую маланку чорнага колеру. Пра яе распавяла жыхарка вёскі Рэчкі.

Пачулі пра камень-следавік, але не пабачылі яго

Не менш цікавая з’ява, на думку ўдзельнікаў экспедыцыі, – камяні з лункамі. На Вілейшчыне іх шмат. Тут гасцям са сталіцы дапамагаў мясцовы даследчык краязнаўца Аляксандр Зайцаў.

Падчас апошняй экспедыцыі пачулі пра камень-следавік, пра які пакуль нідзе не пісалі. Менавіта, пачулі. Бо пабачыць яго не атрымался. Па словах вяскоўцаў, камень ляжаў недалёка ад вёскі Суднікі. На ім былі лункі ў выглядзе дзіцячых ступняў. Вадой, што збіралася ў лунках, людзі лячыліся. Па словах сведкаў, той камень знішчаны.

Нядобры дом і свастыка ў сне

Вілейшчына – куток багаты на фальклор праз звышнатуральнае. Падчас экспедыцыі дзве сталыя жанчыны з Рэчак распавялі пра дзіўныя прадбачанні перад Другой сусветнай вайной.

У 1939-м ля Суднікоў сустрэлі жанчыну, якая несла на плячы касу. А яшчэ мясцовай жыхарцы прысніўся ў сне невядомы дагэтуль сімвал. Жанчына выразна ўбачыла яго, таму па памяці намалявала і паказала аднавяскоўцам. Але ніхто не ведаў, што ж ён абазначае. А была гэта… фашысцкая свастыка.

А яшчэ ў адной з вёсак Вілейшчыны ёсць дом, збудаваны з бярвенняў былой царквы. Па словах вяскоўцаў, жыць у ім немагчыма: па невядомых прычынах звініць посуд, з кутоў чуюцца незразумелыя гукі. А гаспадар ніяк не можа прадаць гэту спадчыну.

Падмурак таго самага нядобрага дома.

Цікавяць даследчыкаў і выпадкі абнаўлення абразоў. За час працы Ілля з паплечнікамі сабралі дзесяць такіх выпадкаў. Адзін з іх на Валожыншчыне, астатнія – у Вілейскім раёне. Адзін з выпадкаў, што здарыўся ўжо ў 2000-х, – абнаўленне абраза ў сям’і ў вёсцы Ясьманаўцы.

Дзе ж падзеўся пахомаўскі абраз?

Летась “Уфаком” зацікавіла яшчэ адна загадка, звязаная з Вілейскім краем. Ілля Бутаў у адным з архіваў знайшоў інфармацыю пра абраз з пахомаўскай царквы. З таго часу даследчыкі заклапочаныя пытаннем: куды падзелася тая цудадзейная рэч. Само Пахомава затапілі ў 1970-х падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча.

Доўгі час лічылі, што абраз з пахомаўскай царквы цяпер знаходзіцца ў вязынскай і называецца “Бічаванне Хрыста” і царквой Бічавання называлі храм у Пахомаве. Аднак дакументальнага пацвярджэння гэтаму даследчыкі не знайшлі.

– Згодна з паданнем, пахомаўскі абраз з’явіўся на сасне, – распавядае Ілля Бутаў. – А такім чынам з’яўляліся пераважна іконы Божай Маці, а не бічавання.

Сумненні “Уфакома” пацвярджаюць і мясцовыя жыхары з Суднікоў. Тут прыгадалі, што цудадзейная ікона ў Пахомаве была прысвечаная Божай Маці, а не Хрысту. Атрымліваецца, што ад 1975 года яе ніхто не бачыў. Тыя ж мясцовыя кажуць, што абраз у 1970-я гады прадалі кудысьці за мяжу. Ёсць дадзеныя, быццам яго набыў у Амерыцы нейкі Аляксандр з вёскі Баяры. Ёсць такія, што абраз, увогуле, згарэў. Некаторыя ж з мясцовых настойваюць на “Бічаванні”. З’явіўся і трэці варыянт – быццам гэта абраз, прысвечаны Святому Мікалаю. Але ні пра адзін з іх дакументальных сведчанняў няма.

У даследчыкаў ёсць падставы меркаваць, што сапраўдны пахомаўскі абраз не знойдзены да сённяшняга дня і таму варта працягваюць пошукі.

Ілля ведае, што сярод чытачоў газеты шмат аматараў краязнаўства. Таму звяртаецца да іх з пытаннямі пра зніклы абраз. Па-першае, як ён выглядаў? Хто і калі знайшоў абраз “Бічаванне Хрыста” і ўстанавіў, што ён з Пахомава? Дзе знаходзіўся абраз пасля 1975 года? Ці праўдзівыя звесткі, што нейкі час ён быў у латыгальскай царкве? Магчыма, у чытачоў захаваліся фотаздымкі з фэстаў, якія ладзіліся ў Пахомаве на Узвіжанне і Спас? На вядомых даследчыкам здымках, на жаль, царквы няма.

Як растлумачыць такія незвычайныя з’явы на Вілейшчыне? Што да абнаўлення ікон, то, па назіраннях даследчыкаў, з’ява часцей здараецца на нейкіх геаграфічных межах. Да 1939 года тут праходзіла мяжа паміж БССР і Заходняй Беларуссю. Але падчас адной з экспедыцый даследчыкі пабачылі абраз, што абнавіўся ў 2000-х.

Аматары незвычайнага заўважылі: чым больш цікавая мясцовасць у плане гісторыі, тым больш цудаў тут здараецца.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце